16 лістапада (2006)
16-га кожнага месяца для салігорскае міліцыі адмысловы дзень. Вось ужо на працягу году на цэнтральнай плошчы горада а восьмай гадзіне вечара 16-га кожнага месяца зьбіраецца моладзь са сьвечкамі і партрэтамі ў рукох. З гэтае нагоды ў міліцэйскім пастарунку адбываецца спэцыяльная нарада з удзелам вялікай колькасьці супрацоўнікаў. Там яны вызначаюць як змагацца з "адмарозкамі" а восьмай гадзіне на плошчы, распрацоўваюць плян дзеяньняў.
Мінулым разам міліцыянтамі, пад кіраўніцтвам адмыслова прыбыўшага палкоўніка зь Менску, было вырашына разагнаць моладзь. Міліцыянты ўчынілі вэрхал пасярод гораду, затрымалі пяцёрых удзельнікаў, пагражалі суткамі, калі хто-небудзь наступным месяцам зьявіцца на плошчы. Аднак тады моладзь не стала чакаць месяц і зьдзейсніла акцыю ўвечары 17-га.
Гэтым разам міліцыянты ізноў грунтоўна падрыхтаваліся. Ужо за гадзіну да восьмай за "Домам Культуры" чакаў аўтазак і навенькі вялікі аўтобус "МАЗ", у раёне плошчы патрулявалі супрацоўнікі, даглядалі асабістыя рэчы ў мінакоў, шукалі сьвечы да партрэты. Так бы мовіць: псыхалягічныя хітрыкі. Аднак у назначаны час на плошчы зьявіўся ланцуг неабыякавых людзей з 40 чалавек з партрэтамі палітзьняволеннага Зьмітра Дашкевіча і сьвячамі ў рукох. Неўзабаве, як у фільмах пра тэрарыстаў, з гарвыканкаму і "МАЗа" пачалі выскокваць міліцыянты ў колькасьці раза ў паўтара большай за колькасьць удзельнікаў акцыі. Абступілі гэтых удзельнікаў з усіх бакоў. Распачалі відэаздымку. Мінакоў і тых, хто не пасьпеў у час выйсьці на плошчу, туды ўжо не пушчалі. Затрымліваць, аднак, нікаго ў адрозьненьі ад мінулага разу не сталі.
Адна дзяўчына, удзельніца акцыі пракамэнтавала гэта так: "Можа зразумелі, што затрыманьні толькі ім на шкоду. Мінулым разма разагналі людзей і чаго дабіліся: моладзь наступным жа вечарам выйшла ізноўку на плошчу з партрэтам ды зьдзейсьніла ў знак пратэсту яшчэ шэраг іншых акцый. Застаецца толькі не зразумелым, навошта сёньня было чыніць гэты маскарад, зганяць столькі міліцыянтаў. Людзі ж бачаць і ведаюць, што да чаго. А заўтра, я вам гарантую, увесь горад будзе распавядаць, як паўсотні супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі рабіць відэаздымку адважных маладзёнаў, замест таго каб лавіць злачынцаў. І каго пасьля гэтага салігорцы будуць лічыць адмарозкамі?"
Прэс-служба Салігосркага МФ , Алесь Міхалок












